РЫ́ЦАРСКАЕ ВО́ЙСКА,

цяжкаўзброеная конніца, якая з’яўлялася гал. сілай феад. армій Зах. і Цэнтр. Еўропы ў 11—14 ст. Р.в. складалі рыцары з дробнамаянтковых і сярэдніх феадалаў, іх узбр. слугі — конныя і пешыя лучнікі, капейшчыкі (пікінёры) і пажы. Узбраенне: меч, цяжкае кап’ё (піка), а часам сякера на доўгім дзяржанні, булава або паліца; у якасці засцерагальнага ўзбраення — латы. Ніжэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай Р.в. было кап’ё, у якое ўваходзілі рыцар, збраяносец, конныя і пешыя лучнікі і пажы; вышэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай — сцяг (уключаў 25—80 коп’яў). Бой Р.в. зводзіўся гал. чынам да адзінаборства рыцараў. Найб. развіцця Р.в. дасягнула ў 11—13 ст. (гл. Крыжовыя паходы). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р.в. паступова страціла сваё значэнне.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)